Наш дарагі дырэктар Андрэй цяпер яшчэ і эксперт праекта “Будзьмы” “Маршрут беларускіх цмокаў”! Як эксперт-"цмокавед" Андрэй звяртае ўвагу ў першую чаргу не на цмачыныя легенды, а на тое, як зрабіць цмока турыстычным брэндам і героем сувеніраў…

“…Каб турыст прыехаў туды, і павёз з сабою цмока ў выглядзе сувеніра…”

– Ведаеце, сёння ўсе захапляюцца іміджападобнымі малюнкамі, – кажа Андрэй Барашка. – Праводзяцца канферэнцыі, семінары – прыватныя, дзяржаўныя… Выканкамы ў рэгіёнах атрымалі распараджэнне выпрацаваць імідж сваіх мясцінаў… І гэта зрабілася нейкай такой гульнёй – гульнёй у малюнкі. Аднак за гэтым малюнкам (няважна, ці гэта цмок, ці які іншы персанаж) трэба бачыць эканоміку. Гэтае “нешта” павінна рабіць “нешта”! І трэба разабрацца, што і што робіць. Вось мы кажам пра цмокаў. Першае “нешта” ў нас ёсць – гэта цмок. Дык давайце ж глядзець у другую частку: што ён можа зрабіць з эканамічнага пункту гледжання?

Андрэй Барашка сам адказвае на сваё пытанне – і прыводзіць для пачатку самы просты варыянт.

Цмок можа стаць нейкім сувенірам. Не думаю, што гэта пан-беларускі сувенір. Але сувенір нейкага рэгіёна, нават месца (возера, балота, дрэва…) – каб турыст прыехаў туды, і павёз з сабою цмока ў выглядзе сувеніра.

Пытаюся ў спадара Андрэя, чаму ж цмок не можа стаць “усебеларускім” сувенірам?

– Я як маркетолаг разважаю ў такой паслядоўнасці. Па-першае, павінна быць нейкая база, падмурак. Сёння падмурка для агульнабеларускага кантэкста цмока няма. І яго немагчыма зрабіць штучна, раптам, знянацку. Вы можаце запытаць: дык што, пан-беларускі – гэта бусел, зубр і дуб?.. Я прыхільнік канцэпцыі, што агульнабеларускага турыстычнага сімвалу быць не можа. Я прыхільнік таго, што ў нас ёсць вельмі цікавыя рэгіёнчыкі, кожны з якіх мусіць мець свой унікальны турыстычны сімвал.

“Мы не бачым цмока ў прыродзе, але з ім можна звязаць нейкае месца”

– Скажам, Эйфелева вежа – сімвал Парыжа, але не Францыі, – прыводзіць прыклад спадар Андрэй. – Францыя ўжо больш за 10 гадоў уваходзіць ў ТОП турыстычна прывабных краін. І яны імкнуцца пазнаёміць турыстаў з гэтым сімвалам – Эйфелевай вежай. Але калі ўявіць, што ў Беларусь прыязджае шмат турыстаў (ды і самі мы – унутраныя турысты) – ці шмат мы бачым наўкол гэтых цмокаў? Трэба размяжоўваць сімвал і вобраз. Сімвал ствараюць дызайнеры, яны ўкладаюць у гэта пэўную маркетынгавую думку. А, напрыклад, Чырвоны касцёл – гэта вобраз. Чалавек сышоў з цягніка, выйшаў на плошчу – і бачыць касцёл. Бывае, што сімвал і вобраз стаяць побач. А здараецца, што вобразы робяцца сімваламі. Эйфелева вежа – вобраз, які выпадкова стаў турыстычным лагатыпам. Цмок – гэта сімвал. Таму вельмі патрэбна даць яму нейкае месца. Мы не бачым яго ў прыродзе, але з ім можна звязаць нейкае месца. І гэта адбудзецца, калі запрацуе маркетынг – гэта зробіцца некаму патрэбным. Як тая лахнэская пачвара. Яна патрэбная! Таму там і гатэльчыкі стаяць, і сувеніры прадаюцца: на гэтым някепска зарабляецца!

Андрэй Барашка перакананы: беларускаму цмоку з лахнэскай каляжанкі трэба браць прыклад! І не бадацца з зубром, буслом альбо дубам! А абмеркаваць, ці можа цмок зарабляць камусьці грошы. Таму ў працягу праекта “Будзьмы” пра цмокаў спадар Барашка прапануе наладжваць дыялог з турыстычнымі агенцыямі, магчыма, з аграсядзібамі. Каб знайсці таго, каму цмок не проста будзе падабацца ці не, а хто складзе для цмока бізнес-план. Праблема пакуль у тым, што сённяшнія людзі нязвыклыя да цмокаў. Спадар Андрэй прыводзіць падобны прыклад.

– У кастрычніку мы з аднадумцамі праводзілі цікавы эксперымент “Шляхецкі аўтаспын”. На трасе стаялі пераапранутыя “шляхціч” і “шляхцянка”, галасавалі “да сойміка ў Вільню”. Усё гэта здымала схаваная камера. Дык вось, за цэлы дзень не спынілася НІВОДНАЯ машына! Хоць галасавалі не нейкія абадранцы, а прыгожыя людзі ў цікавых касцюмах. Няма ў людзей сувязі з прапанаваным вобразам, не адчувае сябе сённяшні беларус у гэтай гістарычнай рэтраспектыве… Гэтак і з цмокамі: сённяшнія людзі ўжо забыліся, што для нашых продкаў цмок быў “сваім”.

Спадар Барашка працягвае развіваць думку, як зрабіць цмока турыстычна прывабным.

– Каб гэты цмок зарабляў грошы, ім павінны захапляцца тыя, хто будзе яго прадаваць. Яны павінны верыць у яго! Ведаць яго як сябе! Адчуваць, што калісьці на месцы іх аграсядзібы жыў цмок. Павінны быць яго сваякамі і спадкаемцамі. Мець яго партрэт у хаце! Таксама і турыстычныя кампаніі мусяць мець вельмі ўстойлівыя асацыяцыі свайго маршрута з гэтым вобразам. Добра прадае той, хто добра ведае свой прадукт і малюе яго вобраз у галаве іншага чалавека. Таму я перакананы, што цмок здабудзе ў нас поспех тады, калі не гісторыкі, не краязнаўцы, а бізнесоўцы захопяцца цмокам так, як захапілася кампанія “Будзьма”. Тады ў нашага цмока з’явяцца грошы! Наш цмок стане багатым, зможа абсталяваць сабе нейкае месца, сядзібу ці маршрут і зможа зарабляць для свайго гаспадара!

“Па-беларуску было б зрабіць помнік цмоку і церці яго “на шчасце”

Аднак добра вядома, што нашыя людзі вельмі “матэрыяльныя” і слаба вераць у тое, чаго нельга памацаць сваімі рукамі… Дык як зрабіць цмока сімвалам, калі яго нельга памацаць?

А лахнэская пачвара матэрыяльная? – пасміхаецца Андрэй Барашка. – Калі скептыкі круцяць пальцам ля скроні, чуючы пра ідэю з цмокам, раю ім пацікавіцца, колькі грошай зарабляецца на тым “нематэрыяльным” сімвале! Беларускі прыклад – Зюзя Паазерскі, калі міфалагічных герояў можна ўбачыць у тэатральным варыянце. Анімацыя цяпер у фаворы! Калі разглядаць апошнія 15 гадоў, першае, што з’явілася, – гэта рыцары. Потым –рэканструктары напалеонаўскага часу, расійскага войска. Цяпер ідуць да шляхты – арганізоўваюцца балі, кшталту цяперашняга балю ў Нясвіжы… Вялікая айчынная вайна, лінія Сталіна – гэта таксама анімацыя. Зюзя Паазерскі – гэта анімацыя на тэму паганства. Мы бачым, што ўсе асноўныя гістарычныя эпохі ахопленыя. Дык вось, цмок можа заняць сабой дагістарычную частку анімацыі – гэта тое, што яшчэ не анімавана. Засталося знайсці таго, хто першы гэта падхопіць – і атрымае грошы!..

Раз ужо гутарым з маркетолагам аб турызму, то прашу падмацаваць і развіць гэтую думку. Што ж будзе рабіць той, хто падхопіць гэтую ідэю? Як забаўляць турыстаў?

Як я ўжо казаў, цмок можа стаць сувенірам! – кажа Андрэй Барашка. – Каб было што паглядзець – варта таксама зрабіць анімацыю. Скажам, побач з Заслаўем ёсць музей лесу. Там, сярод іншага, апавядаюць і пра розных лясных пачвараў: гасне святло, нейкія гукі раздаюцца… Так можна і пра цмока апавядаць!

Тое, што самога цмока турысты ў выніку могуць так і не пабачыць, – не бяда, перакананы мой суразмоўца.

Ведаеце, нашыя экскурсаводы і так вымушаныя ўвесь час расказваць пра тое, чаго няма: тут стаяў касцёл, тут была сядзіба, тут – цудоўны дом… Яны ўжо звыклыя да гэтых абставінаў, таму дадаць яшчэ, што тут “цмок прабягаў” – няцяжкая справа! Я не думаю, што патрэбны манумент… Хоць па-беларуску было б зрабіць помнік цмоку і церці яго “на шчасце”. Бабёр, цмок, дуб… Цмок становіцца ў гэты шэраг. І я б ставіў цмока дзе-небудзь у Пінску. Бо наўкол ёсць такія балоты, што цмок туды лёгка “ўпісваецца”! Хоць, паўтару, я не за такія манументы… Я – за легенды і паданні, за фальклор… Калі чагосьці няма, то гэта трэба зрабіць так, каб гэта было прыемна з пункту гледжання турыста. Таму цмок павінен пасяліцца ў галовах – і ў нейкім бізнес-плане.

“Уявіце: апусціцца на дно возера ў батыскафе – і там убачыць постаць цмока…”

Калі казаць пра канкрэтныя месцы маршрута беларускіх цмокаў, Андрэй Барашка прапануе два асноўныя рэгіёны.

Я не вынаходжу ровар – таму гляджу ў бок палескіх балотаў. Пачвара ёсць пачвара. Таму былое “Мора Герадота” – ладнае для яе месца, тым больш яно мае пэўную гістарычную рэтраспектыву. Можа, той цмок яшчэ ў той час даплыў да нас аднекуль і заблукаў? З Грэцыі, напрыклад… Таму я б паглядаў на рэгіён заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, дзе захаваліся аўтэнтычныя вёскі, непралазныя лугі, балоты, дубровы… Гэта добры малюнак для легенды пра цмока! І турыстаў давесці туды адносна проста. Бо, напрыклад, у Альмінскія балоты так проста не ўлезеш. А ў Пінску ёсць інфраструктура. Сеў на лодачку, даў турыстам аўдыёгід, плывуць, глядзяць – і тут у вадзе нешта булькнула… Усё, вобраз гатовы! Бо ў нас у турыстычным плане вада не выкарыстаная аніяк! А ўявіце: апусціцца на дно возера ў батыскафе – і там убачыць нейкую постаць гэтага цмока… Але для гэтага мусіць знайсціся чалавек, які паверыць у гэтую турыстычную ідэю і не пабаіцца ўкласці ў гэта грошы…

Пакуль жа, кажа Андрэй Барашка, у нас збольшага ўкладаюцца грошы ў аграсядзібы, чые гаспадары не заўсёды разумеюць, што цяперашні турыстычны паток з Расіі – сёння ёсць, заўтра няма. Не ўсведамляюць, што ўнутраны турыстычны паток – гэта таксама вялікія грошы. Што турыстычны бізнес – гэта бізнес штодзённы, а не толькі на Новы год. Заўтра нашыя санаторыі папросяць сто мільёнаў даляраў за дзень – і ўсё, расійцы паляцяць на самалётах у Карлавы Вары!..

Другое месца – Браслаўскі рэгіён, – працягвае спадар Андрэй. – Можна расказаць, што замерзлага цмока прынёс да нас ледавік… Тут лёд растаў, і гэты цмок ажыў у нашым возеры. Дзе і цяпер даволі добра сябе адчувае. На Браслаўскіх азёрах багата мясцін, дзе б гэтая легенда добра ўпісалася ў рэальную карцінку прыроды!

Свае развагі спадар Андрэй падагульняе трыма тэзамі.

Будучыня цмока – быць зарэгістраваным як гандлёвая марка (як Зюзя Паазерскі), зарабляць грошы і ехаць у якасці сувеніра з турыстамі на іх радзіму. Гэтыя тры рэчы абавязкова зробіць той, хто прыдумае пад цмока ладны бізнес-план. Дык хто будзе першым?..

Прапануем вам відэаверсію маршрута беларускіх цмокаў ад Андрэя Барашкі!

Тэкст: Глеб Лабадзенка
Фота і відэа аўтара, а таксама Holiday.by

Читать ещё мнения экспертов:

Сергей Харевский: “Чтобы победить белорусского цмока, нужно самому им стать!”

Ирина Дубенецкая: “Я насчитала минимум 9 видов белорусских цмоков”

Антон Астапович: “Беларуский цмок ел браконьеров и рэкетиров!”

Сергей Плыткевич: “А на том острове есть внутренне озеро — чудесное место для цмока!”

Читать новости:

Цмок станет туристическим символом Лепельщины

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах