Мінск - гэта горад-вулей. Штодзень тут віруюць дзясяткі імпрэзаў, канцэртаў, выставаў, спектакляў. Хочацца паспець паўсюль, а ў сутках, нажаль, усяго 24 гадзіны. Як жа не памыліцца з выбарам і патрапіць на самае цікавае?

Holiday.by вырашыў дапамагчы любімым чытачам ды стварыць адмысловую рубрыку - “Мінск па-беларуску”. Штотыдзень мы будзем прэзентаваць вашай увазе самыя смачныя падзеі выходных “з беларускім акцэнтам”, а вы паспявайце хадзіць ды пакідайце свае водгукі ў каментах!

На гэтым тыдні Мінск зноў бярэ ўдзел у міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” - ужо ў дзявяты раз! У суботні вечар, 18 мая, вы зможаце паглыбіцца ў моду Беларусі 1930-га года, завітаць на госці да шляхціца Завальні, паслухаць жывыя старадаўнія песні, даведацца пра страшна цікавыя таямніцы доме Масонаў і пра шмат іншых цікавостак нашага роднага, але ўсё ж невядомага Мінска!

Калі раптам праграма на ноч музеяў вас не задавальняе і вашай актыўнасці патрэбна больш імпрэзаў, прапаноўваем караценькі агляд па асноўных падзеях надыходзячых выходных: што паглядзець, куды схадзіць ды чым парадаваць дзетак.

Ці памятаеце вы аўтара сатырычнай беларускай п’есы “Хто смяецца апошнім”? Калі не - 18 мая самы час схадзіць на камедыю ў двух актах паводле Кандрата Крапівы. Нягледзячы на тое, што п'еса напісана ў 1939 годзе, сюжэт застаецца актуальным і ў нашы дні. Кароткую інструкцыю, як паставіць чалавека на месца, сарваць маску з невука і пляткара і высмеяць падхалiмства, вы знойдзеце ў камедыі “Хто смяецца апошнім”. Працягласць спектакля 2 гадзіны 20 хвілін.

Дзе: Тэатр-студыя кінаакцёра (пр. Пераможцаў, 13)
Калі: 18 мая, 19:00
Квіток: 50.000 руб.
Кантакты: (8029) 1310745

Камедыя Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"Аматарам сінтэзу музыкі i дзеяння мы прапаноўваем наведаць сталічную філармонію. 19 мая ў малай зале імя Р. Шырмы адбудзецца імпрэза “Я - літвін”. Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” пад кіраўніцтвам Галіны Дзягілевай прэзентуе нам тэатральна-канцэртную праграму да 190-годдзя паэта, драматурга, перакладчыка і краязнаўцы Уладзіслава Сыракомлі.

Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія (пр. Незалежнасці, 50)
Калі: 19 мая, 19:00
Кантакты: (8017) 3311617

Ужо другі тыдзень у Палацы мастацтва адкрыта для прагляду выстава жывапісу і графікі Аксаны Аракчэевай - дачкі выбітнага беларускага мастака Барыса Аракчэева. Акрамя чароўных нацюрмортаў, Аксана працуе над стварэннем партрэтаў асоб, якія ўнеслі значны ўклад у духоўнае жыццё Беларусі. Мастачка расцэньвае свае здольнасці як дар, які дастаўся ёй у спадчыну. Менавіта таму яе выстава мае сімвалічную назву - “Бацькаў дар”. Экспазіцыя працуе да 26 мая.

Дзе: Палац Мастацтва (вул. Казлова, 3)
Калі: штодзённа з 11:00 да 19:00 (акрамя панядзелка).
Уваход вольны.
Кантакты: (8017) 2881549; (8029) 5503181

Ці ўмееце вы танчыць “карапет”? А “яблычка”? А можа вы ведаеце розніцу паміж “яблычкам” шэрагамі ды “яблычкам” на дзве пары? Калі хоць на адно пытанне вы адказалі адмоўна - вам проста неабходна патрапіць на апошні ў гэтым сезоне танцавальны майстар-класс! Травеньскія танцы са спадаром Сяргеем Выскваркам - гэта драйв, улёт ды стомленныя ногі. Але з якой асалодай стомленныя! Спадар Сяргей - спецыяліст па традыцыйным танцавальным этыкеце і манеры выканання народных танцаў, якіх ён ведае больш за 90. Чакаюць усіх: хто ўмее танцаваць, крыху ўмее танцаваць і зусім не ўмее танцаваць. Узрост значэння не мае, калі вы ўжо навучыліся хадзіць.

Дзе: школа № 60 (вул. К Лібкнехта, 82). Праезд на 57 аўтобусе да прыпынку "Школа". Уваход у школьны двор крыху лявей прыпынка.
Калі: 19 мая, 14:00
Квіток: 20.000 руб. Для школьнікаў уваход вольны.
Кантакты: (8029) 8425789

Для маленькіх і актыўных ёсць адмысловая праграма. Рэстаран старабеларускай і літвінскай кухні “Кухмістр” запрашае на майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Прафесійны выкладчык навучыць ствараць прыгажосць сваімі рукамі як зусім маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак (ад 3 год), так і сур’езных падлеткаў (ажно да 16 год). Калі хочаце парадвацца за вырабы свайго дзіцяці - смела прыводзьце яго ў “Кухмістр” у нядзелю, толькі спачатку патэлефануйце (неабходна папярэдняя замова). Што можа быць прыемней за хвілінкі, калі дзіця занятае добрай справай, пакідаючы вам час на кубачак кавы?

Дзе: рэстаран “Кухмістр” (вул. Карла Маркса, 40)
Калі: 19 мая, 14:00
Кантакты: (8029) 1194900

Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!

Матэрыялы рубрыкі:

Мінск па-беларуску: куды пайсці на выходныя 24-26 мая?

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах