Усім гарачыя летнія вітанкі! Спадзяемся, што свае летнія выходныя вы праводзіце за горадам, як мага далей ад індустрыяльнага шуму. Бо як жа ж можна не з’ездзіць адпачнуць на адну з цудоўных аграсядзіб! Але ж калі магчымасці выбрацца за мяжу горада ў вас няма, мы прапаноўваем пару цікавых заняткаў на weekend ды на наступны тыдзень.

Ці былі вы ўжо ў мінскім анцікафэ “Дом Фішэра”? Калі не - цудоўная нагода завітаць ды пазнаёміцца з мясцовай сістэмай. Увечары пятніцы там адбудзецца акустычны канцэрт Яўгена Барышнікава “Марым морам”. Як сам кажа пра сябе аўтар, “спрабую вылезці са стэрэатыпных уяўленняў пра чалавека з акустычнай гітарай”. Сапраўды, у руках Яўгена вядомы музычны інструмент атрымоўвае нейкі незвычайны вобраз. Ці то бард-рок? Ці dark-folk? Ці акустычны метал? Менавіта таму проста бардам яго назваць нельга. Паслухаць ды паглядзець на таленавітага музыку можна з прысмакам печыва ды з гарачай гарбатай - “Дом Фішэра” заўжды забяспечвае гасцей прысмакамі.

Дзе: анцікафэ “Дом Фішэра” (пр. Незалежнасці, 84а)

Калі: 2 жніўня, пятніца, 20:00

Квіток: 60.000 руб

Кантакты: +375(17) 2688083, +375(25) 9820848


Уявіце толькі, як цяжка нам было бы ўзгадваць мінулае, калі б не было фотаздымкаў. Дзякуючы ім можна захаваць вялікае мноства важных момантаў. Менавіта такія моманты нам прапаноўвае паглядзець выстава “Мінск на старых паштоўках”. Каб уявіць, як апраналіся, на чым каталіся ды ў якіх будынках жылі мінчукі канца XIX – пачатка ХХ стагоддзя, варта завітаць у Музей гісторыі чароўнага горада Мінска. Асаблівую каштоўнасць маюць фотаздымкі, на якіх адлюстраваны помнікі архітэктуры, якія, на вялікі жаль, не захаваліся да нашага часу.

Дзе: Музей гісторыі горада Мінска (вул. Рэвалюцыйная, 10)

Калі: штодзённа з 11:00 да 19:00 (панядзелак і аўторак - выходныя)

Кантакты: +375(017) 3212430; +375(017) 3212438

Выстава адкрыта для наведванняў па 8 верасня.


Не будзем хадзіць далёка, застанемся ў тым жа музеі, бо ён гэтым разам дорыць нам магчымасць паглядзець ажно дзве экскурсіі за адзін заход. На мінулым тыдні адчыніла свае дзверы выстава “Сонечныя ўзоры”. На ёй можна знайсці творы прыкладной народнай творчасці з лазы і саломы. Таксама на экспазіцыі прадстаўлены прыклады нацыянальнай вышыўкі і ткацтва.

Дзе: Музей гісторыі горада Мінска (вул. Рэвалюцыйная, 10)

Калі: штодзённа з 11:00 да 19:00 (панядзелак і аўторак - выходныя)

Кантакты: +375(017) 3212430; +375(017) 3212438

Выстава працуе па 22 верасня.


Калі пасля працоўнага дня або ў выходны ёсць жаданне парэлаксаваць, смела крочце да Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Менавіта там размясцілася выстава фатаграфіі Таццяны Раманавай «Ціхія фарбы». У аўтаркі праэкта надзвычай цікавае захапленне: фотапаляванне на птушак. Таццяна вывучае павадкі сваіх мадэляў, іх месца пасялення. У рэшце атрымоўваюцца казачныя кампазіцыі, ад якіх так і павявае цеплынёй і свежым паветрам! Ці ісці глядзець на птушыня фарбы? Абавязкова! ;)

Дзе: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47)

Калі: штодзённа з 11:00 да 19:00 (акрамя нядзелі ды панядзелка)

Квіток: дарослым 6.000 руб, студэнтам 4.000 руб, дзеткам 3.000 руб

Кантакты: +375(17) 2882468З

Экспазіцыя адкрыта для наведванняў да 17 жніўня.


Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах