Прадстаўнікі ФК БАТЭ, БК “Цмокі-Мінск”, ХК “Дынама-Мінск”, прадстаўнікі бізнесу і спецыялісты ў спартыўным маркетынгу падчас круглага стала, зладжанага ў межах Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!–2013, абмеркавалі беларускі спартыўны маркетынг, а менавіта тэндэнцыі і праблемы стварэння брэндаў клубаў і іх прасоўвання. 

Апошнім часам назіраецца цікавасць спартыўных заўзятараў да беларускага слова — з’яўляюцца беларускамоўныя стыкеры, банеры, анонсы, матчы каментуюцца па-беларуску, выкарыстоўваюцца сімвалы, якімі адметная Беларусь. Таму ў межах Фестывалю AD.NAK!–2013, слоган якога сёлета — “ТРЭНД BY AD.NAK — Уключы выключнасць!”, і быў праведзены крыху незвычайны круглы стол, што з аднаго боку ўзняў праблему ў галіне вузкага профілю, з іншага — меў значэнне для шырокіх колаў прыхільнікаў спорту.

Да таго ж, такія клубы, як ФК БАТЭ, БК “Цмокі-Мінск”, ХК “Дынама-Мінск” прадстаўляюць краіну ў міжнародных лігах і з’яўляюцца гонарам краіны. Ужыванне назваў і камунікацыя на беларускай мове ў гэтых умовах — маркетынгавы інструмент, якім не варта грэбаваць, бо стварыць нацыянальны брэнд спартыўнага клуба без гэтых складнікаў немагчыма.

— Калі 10-15 гадоў таму заўзятарамі былі збольшага людзі, якія арыентаваліся на Расію, то цяпер гэта людзі, якія любяць родную мову. Калі глядзець на фан-сектар БАТЭ, два галоўныя банеры цяпер — гэта “БАТЭ-Барысаў. Да канца нашых дзён” і “БАТЭ. Вялікі і магутны”. Праца ў гэтым кірунку не вялася, яны самі прыйшлі да мовы. Нам нічога не застаецца, як ламаць сябе, глядзець на тую рэчаіснасць, што цяпер ёсць. Нельга сказаць, што БАТЭ моцна збеларусізаваўся за апошні час, але крокі робяцца. Літаральна некалькі дзён таму ў Фэйсбуку было створанае мерапрыемства “Пляжны футбол”, дзе камунікацыя вядзецца на беларускай мове, і ніякіх негатыўных эмоцый гэта не выклікала — толькі прыемныя. Беларуская мова сёння — трэнд і рэчаіснасць, яна сама сабой прыйшла ў многія сферы. Калі 10-15 гадоў таму заўзятарамі былі прарасійскія людзі, то цяпер гэта — патрыёты, — адзначыў мэнэджар па маркетынгу ФК БАТЭ Віктар Хадасевіч.

Што да стварэння новых брэндаў, прыклад камунікацыйнага праекта “Цмокі”, які прадставіла на сустрэчы каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская, паказвае, па-першае, што можна і трэба выходзіць за межы нецікавых сімвалаў-стэрэатыпаў, якія ўжо надакучылі, і ствараць новыя — і такія ідэі шырока распаўсюджваюцца. Па-другое, прайшоўшы адлюстраваныя ў кейсе этапы, можна стварыць і прасунуць спартыўны брэнд, зрабіць легенду, якая будзе прыцягваць як СМІ больш шырокага профілю, так і новых людзей на стадыёны і арэны.

— Ёсць шмат людзей, якія кажуць: нам падабаецца ваша кампанія, у вас шмат крэатыўных ідэй, як можна далучыцца? Натхняйцеся нашымі ідэямі ці проста бярыце тыя вобразы, якія мы распрацоўваем, — заўважыла Алена Макоўская.

Аляксандр Куль, дырэктар цэнтра эканамічнага развіцця і спартыўнага маркетынгу клуба “Цмокі-Мінск”, якраз падхапіў ідэю кампаніі:

— Ідэя перайменавання клуба была ў мяне яшчэ тады, калі я сам выступаў за “Мінск-2006”. Ранейшая назва клуба добра падыходзіць для дзяржаўнай установы: указвае на геаграфічную прыналежнасць, не выклікае эмоцый. Ды і з сімволікай асабліва не паэксперыментуеш: баскетбольны мяч, назва “Мінск-2006” і герб горада. На гербе — Найсвяцейшая Багародзіца, а прыдумваць нейкія маркетынгавыя хады з абразом — гэта ўжо занадта.

На пытанне прадстаўніка жаночага БК “БНТУ-БелАЗ” да прадстаўнікоў бізнесу, ці пагадзіліся б яны на месцы асноўных спонсараў на рэнэймінг клуба, у выніку якога з яго назвы зніклі б назвы брэндаў, Алена Ачарэтная, начальнік аддзела маркетынгу СТАА “Хенкель Баўтэхнік” адказала, што яна была б супраць назвы гандлёвай маркі ў назве клуба, аднак падтрымала б клуб з харызматычнай назвай.

— Калі ідзе нейкая падтрымка з боку спонсараў, то клубы, а можа, і Федэрацыі, павінны адстойваць правы сваіх спонсараў, сачыць за публікацыямі ў СМІ. Павінна быць разуменне: гэта не толькі мы, гэта яшчэ і тыя, хто ўклаў у нас грошы, і гэтыя грошы павінны быць прадстаўленыя, — адзначыў кіраўнік цэнтра маркетынгу і развіцця сувязей з грамадскасцю ЗАТ "БелСвіссБанк" Іван Карпенка.

Пры канцы сустрэчы дырэктар агенцтва спартыўнага маркетынгу Sportteam Валерый Гарэлікаў прапанаваў стварыць інтэрнэт-пляцоўку для абмену смелымі ідэямі, цікавымі рашэннямі і пошуку аднадумцаў у галіне спартыўнага маркетынгу. Ён запрасіў да супрацоўніцтва беларускія вэб-студыі, якім цікавая гэтая тэма.

— У Еўропе ёсць дзве сур’ёзныя лігі, у якіх выступаюць нашы каманды: КХЛ і Адзіная ліга ВТБ. Тыя магчымасці, якія яны даюць, вельмі важныя. Патрабаванні, якія лігі ставяць да маркетынгу, дапамагаюць клубам развівацца. Прыкладам, з’яўляюцца мінскае “Дынама” ў КХЛ, “Цмокi-Мiнск” — у лізе ВТБ, БАТЭ — у Лізе чэмпіёнаў. Наша задача — развіць рынак, каб спартыўны бок быў не артыкулам выдаткаў, а артыкулам даходаў. Тая тэма, якая сёння ўздымалася, як і сам Фестываль AD.NAK!, — сур’ёзныя мерапрыемствы, і мы рады, што арганізатары звярнулі ўвагу на сегмент спартыўнага маркетынгу ў гульнявых клубах.

Па выніках сустрэчы стала зразумела, што спартыўны маркетынг у нашай краіне, як і многія іншыя галіны, знаходзіцца ў пачатку свайго развіцця. У мінулыя гады клубы, пры значнай дзяржаўнай фінансавай падтрымцы, не рабілі крокаў па стварэнні і давядзенні да розуму сваіх брэндаў, а таксама не займаліся іх прасоўваннем як сярод заўзятараў, так і сярод спонсараў. Але сёння дзяржава скарачае фінансаванне, і тыя клубы, якія першыя змогуць стаць на камерцыйную аснову, прыцягнуць прафесіяналаў у галіне маркетынгу і рэкламы, будуць мець поспех у бліжэйшыя гады.

Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага інтэрнэт-рэсурсу marketing.by, старшыня Аргкамітэта Чацвёртага фестывалю AD.NAK!, падагульніў абмеркаванне, адзначыўшы, што “ў рабоце з заўзятарамі беларуская мова стала галоўным трэндам і рэчаіснасцю. Ужыванне назваў і камунікацыя на беларускай мове ў гэтых умовах – маркетынгавы інструмент, якім не варта грэбаваць, бо стварыць брэнд спартыўнага клуба як нацыянальны без гэтых складнікаў немагчыма.

- Што тычыцца другога напрамку працы са спонсарамі, то клубам сёння не хапае адказнасці за тыя абавязкі, якія яны нясуць у межах партнёрскіх пагадненняў. Таксама клубы сёння канкуруюць з масавымі мерапрыемствамі і рознымі шоў-праграмамі, і пакуль яны не навучацца рабіць прывабныя і цікавыя прапановы для спонсараў, нельга разлічваць на супрацоўніцтва і падтрымку. Для спонсараў вельмі важна не толькі выніковасць каманды, але і вобраз, які яна сабе стварыла, а таксама праца з заўзятарамі. Клуб павінен сам імкнуцца быць прывабным для спонсараў”.

Нагадаем, 25 красавіка Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пачаў прыём работ у чацвёрты раз. Дэдлайн прыёму работ ад удзельнікаў — 3 чэрвеня, таму есць яшчэ некалькі дзён, каб падрыхтаваць сваю работу і падаць у НАМІНАЦЫІ І КОНКУРСЫ Фестывалю.

Удзел у Фестывалі AD.NAK!–2013, як і ў мінулыя гады, БЯСПЛАТНЫ. Канкурсантам прапануецца падаць свае работы на 4 конкурсы і 13 намінацыяў Фестывалю.

Галоўнае адрозненне НАМІНАЦЫЙ ад КОНКУРСАЎ у тым, што ў НАМІНАЦЫЯХ могуць узяць удзел толькі рэальныя праекты, якія былі зацверджаныя замоўцамі і рэалізаваныя. У межах КОНКУРСАЎ удзельнікам прапануецца стварыць работу згодна з умовамі, даслаць у аргкамітэт і ўдзельнічаць у праграме Фестывалю.

Фестывальны дзень AD.NAK! адбудзецца ў канцы першага летняга месяца — 27 чэрвеня. Ён будзе складацца з адметнага адкрыцця, адукацыйнай праграмы і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.

Па пытаннях удзелу ў Фестывалі звяртайцеся ў аргкамітэт па тэлефонах:
+375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, альбо праз e-mail: adnak@budzma.org.

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах