Падчас падрыхтоўкі новага выпуску “Пашпартнага кантролю” нам неверагодна пашчасціла трапіць на хутар “Вайцюшкі” – у госці да выбітнага беларускага артыста, кампазітара, спевака Зміцера Вайцюшкевіча. Мы пагарталі яго пашпарт, даведаліся, чаму Зміцера не пусцілі ў Полацк, што такое “сцулікі”, а таксама – як правільна унутрана эмігрыраваць.

- Зміцер, успомніце сваё самае першае падарожжа.

- Маё самае паршае падарожжа – гэта было падарожжа з Ліды ў Гародню ў трынаццаць гадоў. Можаце ўявіць сабе зараз дзетак, якія ў трынаццаць гадоў яшчэ нідзе не ездзілі? Да гэтага я быў толькі ў Навагрудку і вёсцы маёй мамы – у Ляхавічах. А так жыў у Бярозаўцы і мне гэтага было дастаткова. А ў 1984 годзе выпадкова мне прапанавалі паехаць у “Зубронак”. І каб туды даехаць, давялося самастойна дабірацца да месца збору ў Гародні. Тады я пабачыў вуліцу Савецкую, быў уражаны гарадской архітэктурай, падсветленымі вуліцамі і асабліва – жоўтымі ліхтарамі, якія тады яшчэ не былі распасюджанымі, як зараз.

- А ці быў яшчэ такі горад, які уразіў не менш за Гароню?

- Так, калі вяртаўся з “Зубронка”, быў Мінск і стары чыгуначны вакзал, якога зараз ужо няма. Падчас чакання цягніка я гуляўся ў гульнёвыя аўтаматы, здзіўляўся афрыканскім студэнтам, якія вадзілі нашых дзяўчат у рэстаран, назіраў за горадам і людзьмі праз вялізныя вокны старога ваказала, бегаў за смачнымі мінскімі сушкамі ажно ў гастраном ля помніка Дзяржынскаму.

- Была магчымасць паездзіць па Беларусі, паглядзець краіну?

- Яшчэ якая! У 1993 годзе ў складзе гурта “Палац” мы паехалі ў першую экспедыцыю па Беларусі – збіраць фальклёр, шукаць песні. Гэтае падарожжа пакінула вельмі моцнае ўражанне – Гомельшчына, Магілёўшчына. Добра памятаю тых бабулек у вёсках, песні ў іх выкананні… Магчыма, калі б не тая экспедыцыя, я б спяваў як усе астатнія беларускія артысты па-расейску і думаў, што гэта нармальна. 

- З гэтай экспедыцыі вы “прывезлі” якія-небудзь улюбёныя беларускія месцы?

- Першая сустрэча з Палессем, бадай, запомніцца на ўсё жыццё – і каларытам, і знаёмствам з цёткай Алега Хаменкі, якая ноччу не хацела нас пускаць начаваць, бо думала што злодзеі (смяецца). Магу назваць Буда-Кашалёва, памятаю гісторыі бабулек у Чарнобыльскай зоне, на Гомельшчыне… Яны спявалі нам, а мы плакалі. І не таму, што песні жаласныя, а таму што разумелі, што разам з гэтымі бабулямі адыдзе ў нябыт уся гэтая культура. Пасля елі чарнобыльскія сыраежкі, запівалі самагонкай і слухалі гострыя песні, ад якіх чырванелі нават мужчыны.

- А калі б зараз надарылася колькі вольных дзён, куды б у Беларусі з’ездзілі?

- Вось у Полацк я б паехаў – нармальна горад паглядзець. Але мяне ў Полацк зараз не пусцілі з канцэртам – “чорны спіс” забароненых музыкаў у дзеянні. Хацелася б пабыць больш у Пінску, у Віцебску пахадзіць па вулачках, Гародня, Тураў… Звычайна прыязджаеш як гастралёр і няма часу ўбачыць сам горад, на жаль. З другога боку, калі ў цябе такая хата (Зміцер акідвае погладам унутранае ўбранне “Вайцюшкоў”), то душа адразу рвецца сюды.

- А калі казаць не пра Беларусь, ёсць нейкае месца ў свеце, куды вы паехалі б ў першую чаргу?

- Мне цяжка казаць, бо я праехаў 30 краінаў свету. Канешне, вельмі хацелася б праехаць па Афрыцы. Не ведаю чаму, але Індыя мяне не вабіць. Відаць проста таму, што туды зараз ўсе ездзяць. Я заўсёды рабіў наадварот: калі ўсе ішлі налева, я ішоў направа. Шукаў такім чынам вольную прастору для творчасці, для сябе самога. У мяне ёсць такая мара – не быць турыстам, а быць вольным чалавекам, які мог бы ўзяць сына, дачку, жонку і паехаць, прыкладам, паўгода пажыць у Львове, ці Познані, ці Днепрапетроўску і пазнаёміцца з мясцовым укладам жыцця, жыхарамі, традыцыямі, пажыць тым жыццём і адчуць яго. Планаваць абсалютна аўтаномныя, незалежныя дарогі… Дарэчы, у Фінляндыі я ніколі ня быў, але хутка паеду, у мяне там сябры. Яшчэ раз наведаў бы Японію.

- Ёсць ужо запланаваны паездкі, скажам, “пяцілетка падарожжаў”?

- Я не Растраповіч, каб мае канцэрты былі распланаваныя на дзесяць гадоў наперад. Ёсць планы на паўгады, плануюцца канцэрты калі атрымаецца, паеду у Скандынавію. Ёсць планы праехаць па маршруце Берлін-Прага-Варшава з прэм’ерай беларускага шансону. 

- Якое падарожжа ў вашым жыцці можна назваць экстрэмальным, ёсць такое?

- Так, Нарвегія! Уявіце: 650 кіламетраў атастопам праз Швецыю і Нарвегію, па краінах, дзе аўтастоп не прыняты. Ехалі музычным калектывам на фолк-фестываль World Music, беларускі бок нам грошай не даў, а мне так хацелася ў Нарвегію! Гэтыя 650 кіламетраў ехалі 17 гадзін. Першыя 300 – за дзве гадзіны. А потым як адрэзала. Дождж, вечарэе… Я не вытрмаў – узмаліўся, каб хоць кагосьці божанька нам паслаў. Ёсць бог на свеце, скажу я вам! Прыпыніўся нарвежац, які ехаў у той жа горад, што і мы, давёз акурат да арганізатараў! Нашым сябрам па калектыву, з якімі мы раздзяліліся, не так пашанцавала – ім давялося паначаваць на вакзале з бамжамі, перш чым даехаць да фестывалю. Урэшце мы адыгралі выдатны канцэрт, атрымалі грошы на адваротную дарогу і шчаслівыя паехалі дахаты. Нарвегія – вельмі дарагая, але вельмі прыгожая краіна. Я думаю, што яшчэ вярнуся туды – ёсць сябры, якія там жывуць.

- Калі палічыць вашыя пашпарты, які гэты па ліку?

- Дакладна не ведаю. Звычайна пашпарта хапае на два гады. Гэты, напэўна, чацверты за апошнія дзесяць гадоў. 

- Расказвайце, што там ёсць. Давайце пагартаем. 

- Ёсць шэнгенскія дзве візы гадавыя, літоўскія. 

- А як атрымалася гадавыя літоўскія зрабіць, гэта ж досыць складана?

- Ну, мы ў добрых стасунках з амбасадарамі (таямніча смяецца). Вось ізраільская віза…

- Раскажыце пра Ізраіль.

- Класная краіна! У маёй жонкі там у розных гарадах жыве радня. Мы жылі на поўначы Ізраіля, і калі Беларусь ў гэты час замятала, то там сонейка прыпякала. На мой погляд, так час ад часу трэба рабіць – адпачываць узімку, бо ўлетку добра і на Нёмане адсядзецца. Вельмі прыгожая краіна з багатай гісторяй, працавітымі жыхарамі. І дзве важныя рэчы я там пабачыў – вельмі важнай для іх з’яўляецца мова, яе шануюць, асабліва моладзь. І незалежнасць. Для іх Ізраіль – гэта іх Айчызна, і калі трэба, яны будуць берагчы сваю незалежнасць. А нам тут у Беларусі дадзена ўсё, а нам па барабану... 

- А калі ўспомніць вашыя шматлікія турнэ, гастролі па краінах, можна сказаць, што якаясьці з іх была натхняльнай, дзе адчувалася асаблівая творчая атмасфера?

- У Японію з праектам “10 японскіх песень па-беларуску” я ехаў зусім не падрыхтаваны, не ведаў пра дынастыі, не быў знаёмы з культурай… Ну, сушы, Мазда, Таёта…банальныя асацыяцыі. І гэтая краіна мяне ўразіла. Людзі не лічаць сябе разумнейшым за кагосьці, з гатоўнасцю адкажуць на ўсе пытанні, раслумачаць, калі ты чагосьці ня ведаеш. І гэтыя храмы дзесятага стагоддзя… Па-свойму натхняльныя і Польша, і Расія. Той самы Іркуцк 6 тысяч кіламетраў ад Менску – як два разы да Лондана, – але і там цікавыя прырода, людзі, гісторыя, культура, унутраная рэвалюцыя, як паўставаў Іркуцк. Байкал… У Францыі аднойчы пабываў у кватэры праўнука Льва Талстога, кватэры са старой мэбляй, з гісторыяй. Вось там адчувалася асаблівая атмасфера. А колькі цікавых кулінарных традыцый можна сустрэць – чым не натхненне? Ведаеце, што такое сцулькі? Гэта свіны пухір, у які закідваецца фарш і ён высушваецца. Такі ж выраб ёсць і ў Літве – у “Акропалісе” каштуе шалёныя грошы. У Ліёзненскім раёне ёсць назва “транчук у калена”. Што гэта такое? Усялякае ж можна падумаць, а гэта вельмі пышны амлет. І калі капнуць – а мы ж не капаем, бо гэта ж калхоз! – то можна знайсці столькі цікавостак, якія трэба захоўваць і развіваць! А мы не развіваем… 

- Калі ўжо пачалі гаварыць пра стравы, адкажыце, кухня якой краіны вам бліжэй?

- Мне падабаецца мексіканская, але я не так часта меў з ёй дачыненне. Еўрапейская – французская, італьянская. Падчас вандроўкі па Японіі я быў для японцаў улюбёны ядок, яны глядзелі на мяне з задавальненнем, як бацькі – я еў усё, чым мяне частавалі. Люблю смачна паесці, смачна прыгатаваць. 

- Што звычайна прывозіце з падарожжаў?

- Па сувенірах з падарожжаў можна бачыць маю эвалюцыю – бліжэй да зямлі: з Японіі я прывёз гітару, з ЗША – саксафон, а са Швецыі – шуфель! Апошні раз з Кракава прывёз ручкі – старыя, цяжкія, сапраўдныя, знайшоў іх на блашыным рынку. А таксама жырандолю ў галоўны пакой сядзібы. Вязу звычайна медны посуд, бутэлькі, штосьці да інтэр’еру. 

- Усё ў хату?

- Ну так, не прапіў, маладзец! (смяецца)

- Па вашай сядзібе заўважна, што вы любіце старыя аўтэнтычныя рэчы, антыкварыят. А ёсць нейкія ўлюбёныя блашыныя рынкі, дзе звычайна адшукваюцца такія рэчы? Куды б вы параілі з’ездзіць людзям, якія любяць даўніну.

  - Я калісьці быў на берлінскім блашыным рынку – там можна гадзінамі хадзіць і проста глядзець-глядзець… І калі, напрыклад, шведы разумеюць каштоўнасць такіх старых рэчаў, то наш чалавек – не, яму падавай з пластыку, па-сучаснаму. Я вось, напрыклад, калекцыяную старыя гадзіннікі, у кожнага з іх свая гісторыя, сваё афармленне. Ці вось філіжанка – купілі на блашыным рынку ў Швецыі за адзін еўра. Прыемна трымаць у руках, бо такасама з гісторыяй рэч. 

- Як вы сталі ўладаром уласнай сядзібы, што паўплывала на яе афармленне, станаўленне? 

- Так атрымалася, што 2006 год стаў пераломным для мяне, я вырашыў змяніць жыццё. Набыў гэты дом, набыў для сябе, думак рабіць тут сядзібу і развіваць агратурызм тады яшчэ не было. Гэта прыйшло з гадамі. Марыў пра лазню – вось, год ужо парымся ва ўласнай лазні. Інтэр’еры, падыходы, стаўленне я падглядваў у суседзяў, у Польшчы. Пакрысе-пакрысе шукалі свой стыль, напаўнялі прастору… Люблю “Вайцюшкі” за цішыню, тут можна удосталь пакрычаць, асабліва з жанчынай (смяецца). Суседзі далёка, побач толькі Нёман. У нейкім сэнсе штуршком да з’яўлення сядзібы і яе станаўлення як культурніцкай, музычнай пляцоўкі, дзе мы зараз ладзім фестывалі і канцэрты, стаў “чорны спіс” забароненых музыкаў, куды трапіў і я. “Вайцюшкі” сталі альтэрнатывай, сімвалам унутранай эміграцыі. Калі ж казаць пра нашых гасцей, то самымі незвычайнымі турыстамі ў мяне сталі журналісты з японскай тэлевізіі – мы частавалі іх салам і самагонам. Колькі было ўражанняў!

(Падрабязны рэпартаж з хутара “Вайцюшкі” чытайце хутка на Holiday.by  – заўв. аўтара)

- Цікава, як вы бачыце надалейшае развіццё беларускага агратурызму?

- Перспектыва ў беларусскага агратурызму, канешне, ёсць. Людзям, якія праехалі ўсе гэтыя таіланды і іх туды палкай ужо не загоніш, хочацца душы, грыбоў, спакою, сонца, гарачай печкі ў мароз. Я заўважаю, што ў беларускага агратурызму з’яўляецца твар, нейкі стыль. Спадзяюся, што гэта ў перспектыве не будзе звязана толькі з дранікамі і мачанкай. Неабходна, каб кожны рэгіён, кожная сядзіба вызначалі свой шлях – культурны, кавальскі, мастацкі, архітэктурны. Трэба развіваць сваё – рацарскія, вайсковыя накірункі, на адной толькі беларускай гісторы і культуры, на аснове мясцовых цікавостак гаспадар можа зрабіць сабе абсалютна новую легенду сядзібы. 

- Зміцер, назваіце, калі ласка, краіну, у якой вы яшчэ не былі, але вельмі-вельмі хацелі б патрапіць. 

- Мне хацелася б яшчэ праехаць па еўрапейскіх краінах, пабыць у Велікабрытаніі, куды мяне нядаўна не пусцілі – я для іх занадта бедны (усміхаецца). Я ўжо шмат дзе пабываў, таму каб кудысьці моцна цягнула, то не. Дарэчы, я нядаўна задумаўся пра тое, што мы, калі ездзім па той жа Беларусі, вельмі рэдка заказваем экскурсію ад мясцовага краязнаўцы, а шкада. Раней мне ўсё гэта было нецікава, хапаў па вярхах, а зараз узнікаюць пытанні – якія людзі жылі ў пэўнай мясцовасці, якія ў іх былі традыцыі, чаму гістарычна склалася так, а не інакш. Вось вярнуўся б у Італію і прайшоўся з мясцовым гідам…

- Але адзіная краіна – гэта?...

- Ну, Чылі!

- Намалюйце Чылі так, як вы сабе ўяўляеце гэтую краіну.

  - От, знайшлі мастачка! (смяецца)

- Дзякуй за размову!

Прайсці пашпартны кантроль разам з іншымі героямі рубрыкі

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах