def0c46b44d7a4874db868372af074c4.jpgКожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе прадусар гурта «Ляпис Трубецкой» Яўген Калмыкоў.

Моладзевы цэнтр “Время” Палаца культуры Трактарнага завода

Першыя музычныя клубы пачыналіся на тэрыторыі гэтай кавярні, якая знаходзілася пад зямлёй ПК Трактарнага завода. Там я працаваў вядоўцам дыскатэк, пасля гэта пачало называцца “дыджэй”, “эмсі”. Гэта быў час развалу Савецкага Саюза, трэба было выжываць, карміць маладыя сем’і, вось там мы прыдумлялі розныя праекты, збіралі першых бізнэсоўцаў горада і нешта для іх ладзілі – напрыклад, сабачыя баі. Пітбулі, бультэр’еры прыязджалі да нас з Украіны, Расіі, ну, і беларускія былі. Мы ставілі рынг проста ў цэнтры памяшкання, і сабакі біліся, вось гэта была тэма! Нам яна не падабалася, але была вельмі прыбытковая.

Двор на вуліцы Фабрычнай

Дзяцінства маё было актыўным, мяне выгадаваў двор, які, вядома, ёсць для мяне магічным месцам. Я жыў на вуліцы Фабрычнай у Завадскім раёне, недалёка ад кінатэатра «Ракета». Вучыўся ў школе нумар 40, якая знаходзілася побач з домам. У гэтай школе вучыўся мой бацька, мае дзядзькі і цёткі, таму і дырэктар, і завуч, і настаўнік фізкультуры ведалі, каму на мяне скардзіцца. Мне нядаўна споўнілася 46 гадоў, і я пабываў у сваім двары: там мала што змянілася, пабудавалі пару 16-павярховых дамоў, а так увесь ландшафт захаваўся.

Першая лаўка ад доміка РСДРП

Шмат усялякіх гісторый адбывалася на гэтай лаўцы ў маім юнацтве. Так, як там устаўляў алкаголь, больш не ўстаўляў нідзе. Для моладзі і калякультурнага асяродку гэта было знакавае месца, дзе прызначалі стрэлку, а пасля ўжо разбрыдаліся кампаніямі хто куды. Там былі шыкоўныя прафесійныя збіральнікі шклатары. Сярод іх былы палкоўнік, які расказваў абавязкова пошлыя анекдоты, асабліва калі побач былі дзяўчаты: тады яго немагчыма было спыніць. Начамі мы плавалі голымі ў рацэ, трэба было даплыць да карабля, пасядзець, пагарэзіць і плыць назад. З тых лавачак мяне ўпершыню забіралі ў міліцыю. І першыя каханні адбываліся таксама там.

Ілюстрацыі Андруся Такінданга

Мы чакаем вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Падрабязней пра праект «Магічная Мапа»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах