09bab44bc7c15c6894abf9b5e444a976.jpg

Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе пісьменніца і журналістка Таццяна Заміроўская.

Ангарская-4

(канцавы прыпынак аўтобусаў і тралейбусаў, на якіх напісана “д/с Ангарская-4”)

У Мінску з усіх месцаў, дзе горад перастае быць горадам, гэтае — самая пранізлівае. Тут адбываецца нешта парадаксальнае з прасторай. Звычайна горад знікае паступова, ператвараючыся з сацыяльна-архітэктурнага аб’екту ў ландшафт. А тут, на Ангарскай, гэта адбываецца вельмі рэзка. Выходзіш са шматпавярховіка, праходзіш некалькі метраў і чамусьці знаходзіш сябе сярод вялізнага поля, дзе ні душы, страшны туман, а ты па калена ў валошках і травах.

Стыкі розных сусветаў павінныя быць неяк замаскаваныя. А тут шво тырчыць вонкі, і праз гэта туды-сюды ходзяць рознага кшталту магічныя энергіі. Таму калі трэба паразважаць пра тое, што адбываецца ў тваім жыцці, прыйсці да нейкай высновы, нешта зразумець, можна пайсці на Ангарскую-4.

Ангарская-4 — гэта самая сапраўдная канцавая, гэта канцавая ў метафізічным сэнсе. Далей — нікуды, гэта месца для спасціжэння мяжы. Мне здаецца, усе людзі, якіх беспаспяхова шукаюць, магчыма, паехалі на Ангарскую-4 і зніклі там. Аднойчы я сама там ледзь не знікла, мяне вабіў лес, поле, воблака, рака, якіх насамрэч не было.

Скрыжаванне вуліц Ваньковіча, Філімонава і Парніковай

Тут знаходзіцца прыгожая сядзіба Ваньковічаў, якая выглядае вельмі недарэчна сярод катэджаў і навабудаў.

Таксама адкрываецца цудоўны від на Нацыянальную бібліятэку і праспект Незалежнасці, рака, агні, зноў жа трава па пояс. Разам з тым, гэта вельмі цывілізаванае месца, дзе жывуць забяспечаныя людзі, мяркуючы да дамах і ахоўвальных стаянках. То бок гэта вельмі ціхі і добры раён. Прыемна сядзець на ўзбярэжжы і глядзець на заход сонца.

Але там таксама ледзь павярніся — і ты ўжо ў лесе, совы вухаюць, лось прабягае. Зноў жа, калі недзе ў горадзе ловяць лася, то, імаверна, ён якраз праз гэтую сляпянскую сістэму нейкім чынам трапляе ў парк Чалюскінцаў. Таму што тут цэнтр горада фактычна сумяшчаецца з лесам, з гэтым дзікім таямнічым светам існасцяў, якія яго выкарыстоўваюць як нейкі пераходны тунель. Беларусам патрэбныя якраз такія прыродныя тунелі, бо мы ўсё-такі жыхары лясоў і палёў, вось там якраз вельмі якасны лясны тунель у тагасветнасць. Калі далей заглыбіцца ў лес, які літаральна за сядзібай Ваньковічаў, то будуць міністэрскія дачы і рэстаран “Экспедыцыя”, вось там ужо зусім глухое таямнічае месца, векавыя сосны, месяц, дзікі свет прыроды, нейкія жывёлы нячутна ступаюць па моху — асабліва ноччу туды прыемна прыязджаць. Хаця дабрацца туды не тое каб лёгка, да метро адтуль паўтара-два кіламетры.

Вуліца Авангардная

Яна проста вельмі мілая. Там старыя хрушчоўкі перарабілі ў такія каляровыя авангардныя домікі з кучай балкончыкаў. На гэтай вуліцы троху адэская атмасфера, там знаходзяцца баракі, у якіх няма каналізацыі, і туалеты проста на вуліцы. Жыхары дома сушаць бялізну ў двары, ездзяць на старэнькіх “масквічах”. А ў дворыках, як у фільмах Кустурыцы, кіпіць цудоўнае вулічнае жыццё з бабулькамі, катамі, немаўлятамі мурзатымі, бабамі з вёдрамі. Вельмі хатняя атмасфера, можна назіраць за побытам людзей, як па тэлевізары. Там добра ладзіць фотасесіі.

Калі я спрабавала даведацца, у чым магія вуліцы Авангарднай, высветлілася, што там часам бываюць успышкі палтэргейсту. У адным з гэтых двухпавярховых домікаў-баракаў адбывалася страшнае: самі сабой пераразаліся правады, выбухалі плафоны, усе рэчы ламаліся, лічыльнік, як шалёны, накручваў кілаваты, а па пакоі лётала адзенне. Можа, канечне, жыхары проста моцна п’юць, не ведаю.

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org(з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Падрабязней пра праект «Магічная Мапа»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах