Калі спытаць сярэднестатыстычнага беларуса пра асноўныя народныя святы, у шэрагу першых звычайна ўзгадваецца Купалле. Што ж такога міфічнага і прыцягальнага ў гэтым дні? Чаму моладзь кожны год чакае лета, каб пашукаць шчасце пад полагам ночы? І адкуль узялася традыцыя скокаць праз вогнішча? Давайце разбярэмся.

Купалле - адна з самых галоўных падзей у беларускім народным каляндары. Гэта старажытнае паганскае свята ў гонар летняга сонцастаяння. У гэты сонечны перыяд дзень найбольш доўгі, а ноч найбольш кароткая - так нашыя продкі вызначалі чароўную ноч. Раней жыццё людзей было значна больш звязана з сонечным цыклам, зараз жа сучасны чалавек можа з лёгкасцю адшукаць патрэбныя даты ў інтэрнэце. Гістарычна склалася, што дзень летняга сонцастаяння прыпадае прыкладна на 20-я лічбы чэрвеня, але ж гэтая дата не пастаянная. Пасля прыняцця хрысціянства паганскае Купалле было сумешчана з днём Іаана Хрысціцеля (як і большасць хрысціянскіх святаў), таму зараз мы маем свята Івана Купала (Купалле), альбо Іванаў (Янаў) дзень.

Дык чаму ж Купаллi два? Усё ідзе адтуль жа, з хрысціянскай традыцыі ды змены каляндара. Па адліку каталікоў, Янаў дзень святкуецца з 23 на 24 чэрвеня, што максімальна набліжана да дня летнягя сонцастаяння. Згодна з календаром праваслаўных, свята адбываецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Само святкаванне Купалля насычана абрадавымі дзеямі, якія маюць сакральны характар. Збіранне зёлак, пляцянне вянкоў, паленне вогнішча - ўсё гэта нездарма. Лічыцца, што зёлкі маюць асаблівую лекавую моц. З дапамогаю вянкоў можна нагадаць сабе будучыню. А купальскі агонь мае ачышчальны характар: скочуць праз яго каб зняць з сябе ўсё негатыўнае, што накаліпалася ў душы. Усё гэта суправаджаецца абрадавымі песнямі, у якіх і адлюстроўваюцца асноўныя падзеі свята.

У нашыя дні рэдка можна знайсці святкаванне Іванава дня згодна з традыцыямі. Які б варыянт правядзення гэтага дня (ды ночы) вы не выбралі, галоўнае помніць: свята адбываецца не навокал, а ў душы. У гэтым і ёсць сэнс усіх абрадавых падзей.

У гэтым годзе большасць Купальскіх гулянняў ужо прайшлі (з 21 па 23 чэрвеня), але ж калі вы яшчэ не паспелі адчуць увесь смак свята, мы можам параіць вам некалькі дадатковых варыянтаў.


«Купалле-2013» у Батанічным Садзе запрашае жыхароў ды гасцей Мінска на касцюміраванае шоу з купальскіх матывамі, песнямі і гульнямі для дарослых і дзяцей. Наведвальнікаў свята чакаюць пасвячэнне ў русалкі, эльфійскае вяселле, конкурсы, гульні ды бясплатныя атракцыёны. Таксама можно будзе набыць прадукцыю “Слуцкага сыраробнага камбіната” (між іншым, генеральнага партнёра свята) ды размалявацца ў майстэрнях боды-арта. І ўсё гэта, канешне, у выдатным настроі!

Дзе: Батанічны сад (станцыя метро Парк Чалюскінцаў)

Калі: 6 ліпеня, з 14:00 да 19:00

Квіток: 20.000 рублей

Кантакты: +37529 1696909; +37529 7573573

Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") ужо ў чацьвёрты раз пройдзе 6-7 ліпеня ў Шклоўскім раёне. Рэспубліканскае гульнне, прымеркаванае да Янава дня, у гэтым годзе абяцае сабраць больш за 60 тысяч наведвальнікаў. Яшчэ  б, з такой насычанай праграмай!

6 ліпеня нас чакае Александрыйскі кірмаш, на якім можна будзе набыць як прадукцыю фабрык мастацкіх вырабаў, так і прадукцыю майстроў з усёй краіны. Маюць адбыцца міжнародны плэнэр па кераміцы “Арт-Жыжаль” і паказальныя выступленні выхаванцаў конна-спартыўнай школы. Падчас кірмаша будуць працаваць дзве канцэртныя пляцоўкі, на якія панаедзе шмат купальскіх нячысцікаў: Аляксандр Буйноў, Уладзімір Маторын, Ніна Шарубіна, Вера Брэжнева, Іскуі Абалян ды Іна Афанасьева.

7 ліпеня зноў будзе працаваць Александрыйскі кірмаш, а таксама экспазіцыя  “Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя” ды выстава племянной жывёлагадоўлі. Малы фестываль беларускага льна і свята піва - усё гэта пра Александрыйскія гуляньні. Арганізатары абяцаюць, што для дастаўкі гасцей свята будуць арганізаваны дадатковыя рэйсы прыгарадных цягнікоў. Таму калі ваш купальскі імпэт патрабуе завяршэння банкету, то ехаць глядзець на купальскую версію Дажынак варта. ;)

Дзе: Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён, вёска Александрыя

Калі: 6-7 ліпеня

Уваход вольны


P.S. Рэдакцыя выказвае падзяку Ганне Сілівончык за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах