На гэтых выходных вы зможаце адчуць беларускасць на ўсіх узроўнях: вокам, вухам ды нават у рухе цела! Holiday.by раіць вам наведаць тэатр, канцэрт, некалькі выставаў і беларускія народныя танцы.

Пачнем наш рэкамендацыйны агляд з класікі. 100 гадоў спаўняецца сёлета драматычнаму твору Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Але ў сваёй новай пастаноўцы рэжысёр Аляксандр Гарцуеў смела пераносіць падзеі і герояў п'есы ў сучаснасць. Ён спрабуе адказаць на пытанне: што змянілася праз стагоддзе ў самасвядомасці беларусаў?

Праблемы застаюцца ўсё тыя ж: мары аб лепшай долі, пошук свайго месца і шчасця ў жыцці, барацьба за маёмасць, сацыяльны мезальянс, канфлікт пакаленняў... У цэнтры сюжэта - трагедыя звычайнай сям’і. Ёй трэба пакінуць сваё жыллё, паколькі юрыдычна яно належыць іншаму чалавеку. Але гонар і асэнсаванне таго, што менавіта у гэтым доме пражыло не адно пакаленне продкаў, не дазваляюць жыхарам проста так яго пакінуць.

У выніку складанай унутранай барацьбы кожны ўдзельнік сямейнай драмы абірае свой пуць. Некалі вялікая сям’я, моцна звязаная кроўнымі сувязямі, распадаецца. Наперадзе непрадказальнасць і шлях у невядомае…

Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, вул. П. Крапоткіна, 44
Калі: 7 чэрвеня, пятніца, 19:00
Квіток: 50-55 тыс. руб.
Кантакты: +375 (17) 385-97-51 (каса)

П'еса Янкі Купалы "Раскіданае гняздо"Да наступнай падзеі навастрыце вушы! 7 чэрвеня мінскі гурт Fratrez прэзентуе новы альбом "Ora". Музыка гурта - гэта мікс рытмаў, музычных формаў і адценняў, вакальнай імправізацыі, спеваў на "мёртвых" мовах і дыялектах. Сярод інструментаў - скрыпка, гітара, флейта, віяланчэль і баян.

Гурт пачынаў творчы шлях з сінтэзу тэатра і музыкі, а цяпер змяніў гучанне і запісаў першы альбом. "Гэта музычная гісторыя, у аснове якой ляжыць спалучэнне драматычнага, рокавага і сузіральнага. "Ora" – момант унутранага дзеяння, імгненне адхілення ад разбуральных карцін рэчаіснасці. Пяць "ор" – пяць станаў", – распавядае пра рэліз лідар гурта Сяргей Доўгушаў. Мяркуючы па няяснасці яго словаў, зразумець праз словы, што такое Fratrez, немагчыма. То бок прыйдзецца слухаць.

Але мы ўпэўнены, што гэта будзе крута. Прынамсі таму, што прэзентацыя адбудзецца ў досыць дзіўным месцы - у музеі-майстэрні беларускага скульптара Заіра Азгура. Сярод маўклівых бюстаў вядомых людзей... Яшчэ цікавей, што непасрэдна ў гэтым месцы альбом і быў запісаны.

Дзе: Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, вул. З. Азгура, 8
Калі: 7 чэрвеня, пятніца, 20.00
Квіток: 50 тыс. руб. у дзень канцэрту, 40 тыс. руб. пры замове загадзя
Кантакты: +375 29 5657218; +375 44 7876038

Наступныя падзеі асабліва патрабуюць вашых вок і ног, бо гэта выставы.

Першая - пра мінулае Беларусі. Гэта выстава знакамітых Слуцкіх паясоў. Ці ведаеце вы, што Максім Багдановіч памыляўся ў сваім вершы "Слуцкія ткачыхі", бо паясы выраблялі толькі мужчыны і ніколі жанчыны? І што Слуцкія паясы вырабляліся не толькі ў Слуцке? Карацей, раім вам пабачыць нацыянальную рэліквію беларускага народу "ужывую".

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20
Калі: штодня з 11 да 18.30
Квіток: 40 тыс. руб.
Кантакты: +375 17 3277163

Наступная выстава, якую мы вам раім - пра сучаснасць Беларусі. Мастак Анатоль Паўлыга быў закаханы ў Беларусь. Ён маляваў беларускія краявіды і асабліва любіў Полаччыну. На выставе прадстаўлены 36 пейзажаў. 18 кастрычніка 2012 года Анатоля Паўлыгі не стала, аднак ён жывы і сёння ў сваіх творах.

Дзе: Нацыянальная бібліятэка, пр. Незалежнасці, 116, 22-гі паверх, цэнтральны ўваход
Калі: панядзелак-пятніца - 10-21, субота-нядзеля - 10-18
Квіток: 9 тыс. руб. (кошт на ўваход на аглядальную пляцоўку)
Кантакты: +375 (17) 293 27 67, 293-29-80

Ну і напрыканцы. Калі галава нарэшце будзе дужа забіта інфармацыяй - тупайце на пешаходную вуліцу К. Марса, каб танчыць беларускія танцы. Уваход на гэтае мерапрыемства цалкам вольны, а танцы вельмі простыя. Вось толькі давядзецца пашукаць пэўнае месца правядзення танцаў, бо яно вызначаецца музыкамі спантанна. Але ж і гэта не складана: проста шукайце гук акардэона ці скрыпкі і ідзіце на яго.

Мы вам абяцаем: ужо праз 20 хвілін усе думкі ў галаве ўтрасуцца, а на твары абавязкова вырасце ўсмешка. Гэта будзе добра. Мы правяралі.

Дзе: пешаходная вуліца Карла Марса
Калі: 9 чэрвеня, нядзеля, 18.00
Квіток: удзел вольны
Кантакты: суполка УКантакце

Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах