Дзе можна сустрэць прывіды пагарэльцаў, куды несці ахвяраванні валунам і ў якім доме адбылося абвяшчэнне БНР? Пра загадкавыя месцы ў беларускай сталіцы распавядае паэтка і культуролаг-даследчык Ірына Хадарэнка.

Вуліца Валадарскага

Пачынаецца гэтая перанасычаная гістарычна-містычнай атмасферай вуліца ад скрыжавання з Гарадскім Валам, на якім больш за стагоддзе функцыянуе пажарнае дэпо. Паводле легенды, там перыядычна з’яўляюцца духі пагарэльцаў, бо гмах збудаваны акурат на месцы пажарышча. А вось прывід “першага мінскага тэрарыста” Івана Пуліхава адпаведна бадзяецца па змрочных калідорах Пішчалаўскага замка, празванага ў народзе Валадаркай. Хто толькі не трапляў за тыя турэмныя муры! Ад класікаў беларускай літаратуры да апазіцыйных дзеячаў. Шпацыруючы па вуліцы, можна не толькі вывучаць цікавыя дэталі архітэктурных стыляў (ад класіцызму да мадэрну), але і ўзгадаць пра тое, што Рускі тэатр дзейнічае ў будынку былой сінагогі, а ў доме, дзе зараз працуе кафэ “Чабурэчная”, некалі адбылося абвяшчэнне БНР. Дарэчы, бальшавісцкі ідэолаг Маісей Гальдштэйн (так насамрэч звалі Валадарскага) быў постаццю вельмі сумніўнай і Мінск ніколі не наведваў. Таму даўно варта было б пераназваць вуліцу – напрыклад, у гонар нашага славутага земляка Адама Міцкевіча, помнік якому стаіць у мясцовым скверы.

Планетарый

 

Будынак з купалам, што знаходзіцца ў Цэнтральным парку імя Горкага, – культавае месца майго дзяцінства. Зрэшты, не толькі дзяцінства. У мінскім планетарыі мне даводзілася бываць не толькі ў якасці наведвальніка, але і лектара. Збудаваны ў далёкім 1965 годзе, гэты астранамічны “храм”, разам са сваёй суседкай-абсерваторыяй, відавочна патрабуе рамонту і тэхналагічнай мадэрнізацыі. А пакуль што тут збіраюцца пераважна дзеці і падлеткі, каб перажыць хвіліны віртуальнага судакранання з магічным космасам і паглядзець на святло нават тых зорак, якія ўжо даўно скончылі сваё рэальнае існаванне.

Музей валуноў

З валунамі ў беларусаў звязана шмат казак, паданняў, а таксама рытуальных дзеянняў. Велізарныя валуны раз-пораз трапляюцца па ўсёй краіне і большасць з іх служыць адмысловым геалагічным “прывітаннем” са Скандынавіі. Ідэя стварыць ландшафтны музей валуноў у мікрараёне Уручча прыйшлася даспадобы не толькі навукоўцам. Прыхільнікі веры ў трансцэндэнтнае да гэтага часу прыносяць сімвалічныя ахвяраванні да легендарнага валуна пад назвай “Дзед”, перанесенага сюды з паганскага капішча ля Свіслачы. Калі вы занятыя пошукамі “філасофскага каменя”, магчыма, вам таксама варта паблукаць уздоўж маўклівых сведак нашай разнастайнай мінуўшчыны.

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах