7a99c5cb557fcbc37e83c4b4aa10a93c.jpgКожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе пісьменніца і гісторык Вольга Бабкова. Вольга Бабкова адной з першых адгукнулася на заклік да наведвальнікаў сайта і даслала свой спіс магічных месцаў Мінска на рэдакцыйную пошту.

Залатая Горка


Назва гэтага мінскага квартала вымагае прымружыць вочы ад уяўнага бляску закапаных некалі пад падмуркам залатых манет. А можа, ад ззяння дзьмухаўцоў на сонечным баку ўзгорка. Прастора ў гэтым месцы наладаваная безліччу гісторый, якія пры жаданні можна пачуць ці адчуць: пра старыя чумныя могілкі пад апекай святога Роха, святочныя вігіліі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, арганныя канцэрты, катлаван, выкапаны пад будучы Палац мастацтваў на месцы каталіцкага пагосту, старую габрэйскую кватэру з сотняй слоікаў зацукраванага сочыва на антрэсолях, маленькі дамок на Горным завулку, завалены кляновай лістотай і старымі рэчамі, смачныя сушкі ў краме непадалёк ад Вайсковых могілак, рэдакцыю “Нашай Нівы”, бачную з акна сталоўкі вайсковага шпіталя, смак кактэйлю “Чырвоная шапачка” з колішняй “халоднай кавярні” пад лесвіцай у Палацы мастацтваў. Гэтыя гісторыі запісаныя тут кімсьці і дзеля чагосьці.

Былыя лютэранскія могілкі на вуліцы Карла Лібкнехта


Цяпер на іх месцы сквер з лавачкамі і нават стаяць дзіцячыя арэлі. Калісьці экіпажы і вазкі з былымі жыхарамі-пратэстантамі падымаліся да месца апошняга спачыну сюды, у нямецкі квартал, і дарога не заўсёды была зручнай. Брукаванымі былі адно цяперашнія “Розачка” і “Карлачка”, а рэшта дарог патанала ў брудзе. Старажылы памятаюць рэшткі капліцы, цагляную агароджу і старыя помнікі сярод магутных дрэваў. Архівіст Юра Снапкоўскі глядзіць глыбей. Ён раскапаў звесткі пра мінчука, якога хаваў тут у 1877 годзе ўвесь горад. Над магілай якога плакалі ў абдымках пастар з рабінам ды святар. Доктар-акушэр Вільгельм Гіндэнбург заслужыў любоў горада сваім майстэрствам ды шчодрасцю. Пра пахавальную цырымонію, якая ўзняла ўвесь горад, напісаў у дзённіку Дастаеўскі. На спрэс утаптанай пляцоўцы сёння няма ані знаку, але ж чалавек, які даў жыццё столькім будучым мінчукам, быў пахаваны менавіта тут. Старыя клёны, якія засталіся апошнімі сведкамі, заўсёды робяцца залатымі 1-3 кастрычніка.

Грушаўка


Грушаўцы засталося два гады. Велізарная груша-кантрабас на станцыі метро прастаіць даўжэй ды стане ўрэшце гэткім падземным ордэнам першаму мінскаму раёну з рэгулярнай забудовай. На вачах змяняецца краявід. Гарыць ды трашчыць па швах драўляная забудова. З’ехалі цыганы, не чуваць пеўняў, але яшчэ цягне дымам з комінаў. На шматлікіх грушаўскіх завулках нязвыклая гулкая цішыня. Ля калонак суха. Іржа на жалезных агароджах. Стогадовыя дубы ды клёны. А-у-у-у! Цішыня. Тут канае цэлы свет. А новы запісвае адрасы і нумары тэлефонаў, каб не заблукаць сярод свежафарбаваных пад’ездаў белых дамоў. Ці не ёсць магіяй праявы сыходу і нараджэння, калі ты знаходзішся амаль у іх сярэдзіне.

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

 

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах