Спецыялізацыя:
Краязнаўчыя і гісторыка-архітэктурныя экскурсіі, велаэкскурсii. Суправаджэнне груп у Вільню, расповед у дарозе пра беларускую Вільню.
Пра сябе:
Ваджу па Беларусі - з беларускім акцэнтам. Ваджу пераважна там, дзе самому цікава і прыемна. На лінію Сталіна – не ваджу. Падчас экскурсіі не толькі бубню завучаны матэрыял сабе пад нос, але і стараюся глядзець на людзей (групу), і на тое, што адбываецца навокал. Не люблю пустаты і механістычнасці. Рады прыгодам.
Таксама праводжу экскурсіі па-польску.
У кампаніі руска- і ангельска-моўных гасцей (груп) пераключаюся на іх мову. Ваджу з 2007 года. У 2009 г. пачапіў на сябе пасведчанне экскурсавода ад Нацыянальнага Агенства па Турызме, у 2010 г. – пасведчанне гіда-перакладчыка.
Апісанне экскурсій:
Мінск – аглядная, усяго-па-трохі;
“Мінск сацыялістычны” - жылы пасёлак трактарнага завода, цяжар ударных будняў і атмасфера пасляваенных дворыкаў; Навагрудак – возера Свіцязь – Шчорсы – Туганавічы (дадаткова - Любча і Лаўрышава), велічныя замкавыя руіны, старыя вулачкі, касцёлы і цэрквы першай сталіцы ВКЛ; азёрныя берагі і сосны; жыццё і творчасць Адама Міцкевіча. Дадаткова ў гэтым рэгіёне можна наведаць прынёманскі радзівілаўскі замак у Любчы і праваслаўны манастыр у Лаўрышаве);
Слонім – Жыровіцы – Сынкавічы (магчыма таксама: Косава - Ружаны), святая мясціна хрысціян Беларусі з маленькім цудатворным абразком XVI ст.; храмы, плошчы і вуліцы Сапегаў і Агінскіх; праваслаўны храм-крэпасць у стылі готыкі; (магчыма таксама: знакамітая каланада ружанскага палаца Сапегаў, шыкоўная неаготыка палаца Пуслоўскіх у Косава і дом дзяцінства Тадэвуша Касцюшкі на хутары Мерачоўшчына);
Ракаў – Валожын - Крэва – Баруны – Гальшаны – Вішнева - Дзесятнікі, каларыт і атмасфера беларускіх мястэчак; старажытная Літва і руіны замка XIV ст.; ракако Барунаў і жалоба па страчанай Вільні; гальшанскія “здані” Караткевіча і сапежанскія муры; магілы салдат 1-й Сусветнай і беларускія справы беларускіх ксяндзоў;
Мір – Нясвіж, беларуская готыка, раскоша княскіх палацаў, радзівілаўскі горад-крэпасць і ціхія алеі паркаў;
Каменец - Белавежская пушча, цені прыдарожных мясцін, абарончая каменецкая вежа XIII ст., зубры і тарпаны, дубы і бярозы Пушчы.
Тураў-Столін-Пінск
Экскурсія па музею народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі" , таксама магчыма экскурсійнае суправаджэнне ў музей ад Мінска.
Эксклюзіўныя экскурсіі:
Літвінскія паланэзы Маршрут: Завоссе - Карчова – Туганавічы – Навагрудак – воз. Свіцязь;
Гэта экскурсія па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, Ігната Дамейкі і іншых студэнтаў-філаматаў. Менавіта так называлі сябе студэнты Віленскага універсітэта 1820-х гадоў (у перакладзе – “прыхільнікі дабрачыннасці”), якія стварылі першую ў нашай гісторыі маладзёвую арганізацыю з мэтай адраджэння нацыянальнай культуры і захавання нацыянальнай годнасці. Мы наведаем: Дом-музей Адама Міцкевіча ў Завоссі, дзе на ўласныя вочы пабачым штодзённы побыт беларускай шляхты пач. XIX ст. камень філаматаў каля вёскі Карчова – месца філамацкіх сходаў і забаваў; шыкоўны стары парк у Туганавічах (былы маёнтак Верашчакаў) – месца юнацкіх сустрэч Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі; Навагрудак – радзіму Адама Міцкевіча і Яна Чачота, дзе нас сустрэнуць велічныя замкавыя руіны часоў вялікага Вітаўта, слынныя навагрудскія цэрквы і касцёлы XVI-XVIII стст., старая плошча... Напрыканцы нас будзе чакаць чароўная Свіцязь - унікальнае ў біялагічным аспекце возера, у якое без памяці быў закаханы малады Міцкевіч. Падчас нашага падарожжа ў жывым выкананні будуць гучаць студэнцкія песні філаматаў, знойдзеныя некалькі год таму ў архівах Вільні.
Працягласць экскурсіі 12 гадзін
Мінск Чапскага (экскурсія на роварах) Маршрут: бровар Чапскага (Піўзавод “Аліварыя”) – Губернатарскі сад (Парк Горкага) – Новае места (раён Купалаўскага тэатра) – вул. Гандлёвая – Мінская Ратуша
Імя мінскага гораданачальніка Караля Чапскага было незаслужана забыта на доўгі час. Але падчас экскурсіі на нашых вачах будуць ажываць справы гэтага чалавека, які змог ператварыць Мінск у сапраўдную еўрапейскую сталіцу. Першы гарадскі тэатр, першая электрастанцыя, конка (гарадскі грамадскі транспарт), новая сістэма водаправода, прытулак для бяздомных і першая мастацкая выстава, - гэта далёка не поўны спіс таго, што ўдалося паспець Чапскаму ўсяго за адзінаццаць гадоў (1890-1901). Акрамя таго, менавіта ў гэты час у Мінску адчыняецца гарадскі пракат ровараў... Працягласць экскурсіі 2,5 гадзіны
Жылы пасёлак Трактарнага завода ў Мінску.
Велаэкскурсіі:
- Мінск - аглядная (3 гадзіны); - Мінск графа Чапскага (2,5 гадзіны); - Мінск хіпаноў і бітнікаў (2,5 гадзіны).
Свидетельство экскурсовода: 00556 от 30.03.2009 выдан НАТСвидетельство: гида-переводчика: 000763 от 11.03.2010 выдан НАТ
Дата обновления: 10 декабря 2020